УСУРЫ́ЙСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК імя акадэміка У.​Л.​Камарова.

Размешчаны ў Прыморскім краі (Расія), на паўд.-зах. адгор’ях Сіхатэ-Аліня. Пл. 40,4 тыс. га. Засн. ў 1932 для аховы прыродных комплексаў паўд. Прымор’я. У рэльефе стромкія схілы, шлейфападобныя падножжы гор, каньёнападобныя рачныя даліны, вадаспады. Лясы займаюць каля 99% тэрыторыі. Вылучаюць 2 вышынныя расл. паясы: да 600 м — хвойна-шыракалістыя лясы (кедр карэйскі, піхта суцэльналістая, граб сэрцалісты), вышэй — піхтава-яловыя (елка аянская, піхта белакорая, кедр карэйскі, дуб мангольскі). У далінах рэк лісцевыя лясы — вярбовыя, ільмавыя, ясянёвыя і інш. У флоры каля 850 відаў, шмат рэліктаў, у Чырв. кнізе 13 відаў, сярод іх хвоя густакветная, ціс востраканцовы, заманіха высокая, жэньшэнь сапраўдны і інш. У фауне — усурыйскі тыгр, ізюбр, плямісты алень, казуля, дзік, гімалайскі мядзведзь, леапард, рысь, харза, барсук, вавёрка, норка, каланок, бурундук, выдра, гіганцкая землярыйка, мандарынка, чорны бусел, японскі вуж, усурыйскі капцюрысты трытон, бязлёгачны трытон; з насякомых — рэліктавы лясны таракан, гіганцкі дрывасек, усурыйскі махаон, шаўкапрады, бражнікі, паўлінавочкі. Плантацыі жэньшэню.

т. 16, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)